Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 5

1 Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе.

2 І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.

3 Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,

4 каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе [яўна].

5 І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

6 А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе [яўна].

7 А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.

8 Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.

9 А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё,

10 прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.

11 Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;

12 і адпусці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым;

13 і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.[Бо Тваё ёсць Валадарства, і моц, і слава навекі. Амін.]

14 Бо калі вы адпусціце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, адпусціць вам.

15 Але калі вы не адпусціце людзям, то і Айцец ваш не адпусціць грахоў вашых.

16 Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.

17 А ты, калі посціш, намасці галаву сваю ды абмый твар свой,

18 каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе [яўна].

19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.

20 Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.

21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.

22 Свяцільня цела твайго - вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.

23 А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, - цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе?

24 Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.

25 Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё вашае, што будзеце есці, ані пра цела вашае, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела - за адзенне?

26 Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ў небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?

27 Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?

28 А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілеяў, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.

29 А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.

30 Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.

31 І не турбуйцеся таму, кажучы: "Што будзем есці?", або "Што будзем піць?", або "У што будзем апранацца?"

32 Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш нябесны ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.

33 Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.

34 І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова дню свайго ліха.