Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Святое Дабравесце паводле Матфея 5

1 Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару;
і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.

2 I, адкрыўшы вусны Свае,
Ён вучыў іх, кажучы:

3 Блажэнныя ўбогія духам,
бо іх ёсць Царства Нябеснае.

4 Блажэнныя тыя, што плачуць,
бо яны суцешацца.

5 Блажэнныя лагодныя,
бо яны ўспадкуюць зямлю.

6 Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды,
бо яны спатоляцца.

7 Блажэнныя міласэрныя,
бо яны памілаваны будуць.

8 Блажэнныя чыстыя сэрцам,
бо яны Бога ўбачаць.

9 Блажэнныя міратворцы,
бо яны сынамі Божымі назавуцца.

10 Блажэнныя гнаныя за праўду,
бо іх ёсць Царства Нябеснае.

11 Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць
і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.

12 Радуйцеся і весяліцеся,
бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах:
так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

13 Вы — соль зямлі.
Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе?
Яна ўжо ні на што не прыдатная,
хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.

14 Вы — святло свету:
не можа схавацца горад, які стаіць на гары.

15 І запаліўшы свечку,
не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку,
і свеціць усім, хто ў доме.

16 Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі,
каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі
і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.

17 Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон,
альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.

18 Бо праўду кажу вам:
пакуль не мінецца неба і зямля,
ані ёта адна,
ані рыска адзіная не мінецца з закона,
пакуль не збудзецца ўсё.

19 Дык вось,
хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых
і навучыць гэтак людзей,
той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным;
а хто выканае і навучыць,
той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.

20 Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша
не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў,
дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21 Вы чулі,
што сказана продкам: "Не забівай;
а хто заб'е, падпадае суду".

22 А Я кажу вам,
што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду;
хто ж бо скажа брату свайму "рака", падпадае сінедрыёну;
а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.

23 Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка
і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,

24 пакінь там дар твой перад ахвярнікам,
і ідзі спярша памірыся з братам тваім,
і тады прыйдзі і прынясі дар твой.

25 Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй,
пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім,
каб не аддаў цябе праціўнік суддзі,
а суддзя не аддаў цябе слузе,
і не кінулі цябе ў цямніцу;

26 праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі апошняга кадранта.

27 Вы чулі,
што сказана продкам: "Не чыні пералюбу".

28 А я вам кажу,
што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю,
ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.

29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе,
вырві яго і кінь ад сябе;
бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

30 І калі правая твая рука спакушае цябе,
адатні яе і кінь ад сябе;
бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

31 Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю,
няхай дасць ёй разводны ліст.

32 А Я вам кажу:
кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю,
акрамя як з прычыны распусты,
той даводзіць яе да пралюбадзейства;
і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.

33 Зноў жа чулі вы,
што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі,
а выконвай перад Госпадам прысягі твае".

34 А Я вам кажу:
не прысягай зусім:
ні небам, бо яно — Прастол Божы;

35 ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго;
ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;

36 ні галавою тваёю не прысягай,
бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.

37 А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не";
а што звыш гэтага, тое ад ліхога.

38 Вы чулі,
што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".

39 А Я кажу вам не працівіцца злому.
А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй,
падстаў яму і другую;

40 і калі хто захоча судзіцца з табою
і ўзяць у цябе сарочку,
аддай яму і вопратку;

41 і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча,
ідзі за ім два.

42 Таму, хто просіць у цябе, дай
і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.

43 Вы чулі, што сказана:
"Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".

44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых,
благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас,
рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас
і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;

45 і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах;
бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі
і пасылае дождж на праведных і няправедных.

46 Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас,
якая вам узнагарода?
Ці не тое ж самае робяць і мытнікі?

47 І калі вы вітаеце братоў вашых толькі,
што асаблівага робіце?
Ці не тое ж самае робяць і язычнікі?

48 Дык вось, будзьце дасканалыя,
як дасканалы Анцец ваш Нябесны.