Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 4

1 І, бачачы натоўпы, Ён узышоў на гару; і, калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго;

2 і, адкрыўшы вусны Свае, стаў іх навучаць, кажучы:

3 "Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.

4 Шчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

5 Шчасныя пакорлівыя, бо яны завалодаюць зямлёю.

6 Шчасныя тыя, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны насыцяцца.

7 Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць.

8 Шчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9 Шчасныя міратворцы, бо іх назавуць сынамі Божымі.

10 Шчасныя, што пераслед церпяць дзеля справядлівасці, бо іх Валадарства Нябеснае.

11 Шчасныя вы, калі дзеля Мяне вас будуць зневажаць, і пераследаваць, і ўсякае ліха гаварыць будуць супраць вас, узводзячы паклёп.

12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша шчодрая ў небе; так вось пераследавалі прарокаў, якія да вас жылі.

13 Вы - соль зямлі. А калі соль страціць сілу, то чым пасоліцца? Яна ўжо ні на што больш не прыдатная, як толькі быць выкінутай на двор, каб яе людзі патапталі.

14 Вы - святло свету. Не можа схавацца горад, што размешчаны на гары.

15 Таксама не запальваюць свечкі і не ставяць яе пад пасудзіну, але ставяць на падсвечніку, каб свяціла ўсім, хто ёсць у доме.

16 Так хай свеціць святло вашае на віду ў людзей, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі ды хвалілі Айца вашага, Які ў небе.

17 Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон і прарокаў. Я прыйшоў не парушыць, але выканаць.

18 Бо сапраўды кажу вам: пакуль неба і зямля не прамінуць, ані адна ёта, ані адна рыска не зменіцца ў законе, аж пакуль ўсё не збудзецца.

19 Хто парушыць адно з гэтых прыказанняў найменшых і навучыць так людзей, таго назавуць найменшым у Валадарстве Нябесным. А хто выканае і навучыць, таго назавуць вялікім у Валадарстве Нябесным.

20 Бо кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большай, чым у кніжнікаў і ў фарысеяў, не ўвойдзеце вы ў Валадарства Нябеснае.

21 Чулі, што сказана было продкам: "Не забівай", а хто заб'е, будзе асуджаны.

22 А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: "рака", - будзе асуджаны радай, а хто скажа: "дурны", - будзе асуджаны агнём пякельным.

23 І таму, калі панясеш ахвяру сваю на ахвярнік, а там прыпомніш, што брат твой мае нешта супраць цябе,

24 дык пакінь ахвяру тваю каля ахвярніка, і ідзі перш пагадзіся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясеш ахвяру тваю.

25 Пагадзіся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты з ім у дарозе, каб выпадкам не аддаў цябе супраціўнік суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і каб не быў ты кінуты ў вязніцу.

26 Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга квадранта.

27 Чулі, што сказана [продкам]: "Не чужалож!"

28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, прагнучы яе, ужо яе зчужаложыў у сэрцы сваім.

29 Бо калі тваё правае вока горшыць цябе, вырві яго ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло ў пекла.

30 І калі правая твая рука горшыць цябе, адрэж яе ды адкінь ад сябе; бо лепш табе, каб згінуў адзін з членаў тваіх, чымся ўсё цела тваё сышло ў пекла.

31 Сказана таксама: "Хто пакіне жонку сваю, хай дасць ёй разводны ліст".

32 А Я кажу вам: кожны, хто пакідае жонку сваю, акрамя як з прычыны яе распусты, выстаўляе яе на чужаложства. І той, хто жэніцца з ёю, чужаложыць.

33 Чулі яшчэ аб тым, што было сказана продкам: "Не парушай прысягі, але выконвай сваю прысягу перад Госпадам".

34 А Я кажу вам, каб вы зусім не прысягалі, ані небам, бо яно ёсць пасад Божы,

35 ані зямлёю, бо яна - падножжа ног Яго; ані Ерузалімам, бо ён - горад вялікага Валадара.

36 Ані таксама сваёй галавой не прысягай, бо ты не можаш аніводнага воласа зрабіць белым або чорным.

37 Хай жа тады слова вашае будзе: "так-так", "не-не". А што звыш таго, гэта ад злога.

38 Чулі вы, што сказана было: "Вока за вока, зуб за зуб"?

39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому; а калі б хто ўдарыў цябе ў правую шчаку тваю, настаў яму і другую.

40 І таму, хто хоча з табой судзіцца і кашулю тваю ўзяць, аддай яму і плашч.

41 І калі б хто цябе змушаў ісці з ім мілю, ідзі з ім дзве.

42 Дай таму, хто просіць у цябе; і не ўхіляйся ад таго, хто жадае ў цябе пазычыць.

43 Чулі вы, што сказана было: "Любі бліжняга свайго і нянавісць адчувай да ворага твайго".

44 А Я кажу вам: любіце ворагаў сваіх [, дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, дабро рабіце тым, што ненавідзяць вас,] і маліцеся за тых, што [крыўдзяць] і гоняць вас,

45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у небе, бо Ён чыніць, каб сонца Яго ўзыходзіла над добрымі і ліхімі, і дождж пралівае над справядлівымі і несправядлівымі.

46 Калі ж вы любіце тых, што вас любяць, дык што за ўзнагароду будзеце мець? Ці ж і мытнікі не робяць таго?

47 Або калі вітаеце толькі братоў вашых, дык што асаблівага робіце? Ці ж гэтак і пагане не робяць?

48 Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш нябесны дасканалы.