Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 26

1 А калі настала раніца, сышліся ўсе першасвятары і старшыні народа на раду супраць Ісуса, каб адаць Яго на смерць.

2 І, звязаўшы, завялі і перадалі Яго намесніку Пілату.

3 Тады Юда, які Яго выдаў, бачачы, што Ён асуджаны, праняты жалем, аддаў трыццаць срэбранцаў першасвятарам і старшыням,

4 кажучы: "Саграшыў я, выдаючы кроў бязвінную". А яны сказалі: "Дык што ты хочаш ад нас? Ты сам глядзі!"

5 І, кінуўшы срэбранцы ў святыні, ён выйшаў і, адышоўшы, павесіўся.

6 А першасвятары, узяўшы срэбранцы, сказалі: "Нельга перадаць іх у скарбону, бо гэта плата крыві".

7 І, учыніўшы раду, купілі за іх поле ганчара для пахавання вандроўнікаў.

8 Дзеля гэтага тое поле аж да сённяшняга дня завецца Гакельдама.

9 Тады збылося тое, што было сказана прарокам Ярэміем, які казаў: "І ўзялі трыццаць срэбранцаў, плату за ацэненага, якога ацанілі сыны Ізраэля,

10 ды далі іх за поле ганчара, як мне сказаў Госпад".

11 А Ісус стаў перад намеснікам; і спытаўся ў Яго намеснік, кажучы: "Дык Ты - Цар Юдэйскі?" Сказаў яму Ісус: "Ты кажаш".

12 І калі Яго вінавацілі першасвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.

13 Тады кажа Яму Пілат: "Ці ты не чуеш, колькі сведчанняў даюць супраць Цябе?"

14 А Ён не адказаў яму на ніводнае слова, так што намеснік вельмі дзівіўся.

15 На дзень святочны намеснік меў звычай адпускаць народу аднаго вязня, якога хацелі б.

16 А меў ён тады вядомага вязня, які зваўся Барабам.

17 І, калі ўсе сабраліся, сказаў Пілат: "Каго вы хочаце, каб я вам адпусціў? Барабу ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?"

18 Бо ён ведаў, што Яго выдалі з-за зайздрасці.

19 Калі ён сядзеў на судзішчы, жонка яго паслала да яго, кажучы: "Не рабі нічога гэтаму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат папакутавала дзеля Яго".

20 А першасвятары і старшыні падбухторылі народ, каб прасілі Барабу, а Ісуса загубілі.

21 І, звяртаючыся, намеснік гаворыць ім: "Каго з двух хочаце, каб я вам адпусціў?" І яны сказалі: "Барабу".

22 Кажа ім Пілат: "А што ж мне зрабіць з Ісусам, Якога завуць Хрыстом?" Кажуць ўсе: "Хай будзе ўкрыжаваны!"

23 Гаворыць ён: "А што Ён благога зрабіў?" А яны яшчэ мацней крычалі, кажучы: "Хай будзе ўкрыжаваны!"

24 І Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а ўзрушэнне робіцца большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад народам, кажучы: "Я не вінаваты ў крыві гэтай. Гэта ваша справа".

25 І, адказваючы, увесь народ сказаў: "Кроў Яго на нас і на нашых сынах".

26 Тады ён адпусціў ім Барабу, а Ісуса ўбічаванага аддаў на ўкрыжаванне.

27 Тады жаўнеры намесніка, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі да Яго цэлую кагорту.

28 І, зняўшы з Яго хламіду, усклалі на Яго пурпуровы плашч;

29 і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву; і далі Яму трысціну ў правую руку; і, укленчыўшы перад Ім, здзекаваліся з Яго, кажучы: "Будзь прывітаны, Цар Юдэйскі!"

30 І, плюючы на Яго, узялі трысціну і білі Яго па галаве.

31 А калі ўжо наздзекаваліся, знялі з Яго пурпуровы плашч, адзелі Яго ў Яго хламіду і павялі на ўкрыжаванне.

32 Выходзячы, напаткалі яны чалавека з Цырэны на імя Сімон; яго прымусілі несці крыж Яго.

33 І прыйшлі на месца, якое называецца Гальгота, што значыць Месца Чэрапа,

34 і далі Яму піць віно, змяшанае з жоўцю. І, калі яго пакаштаваў, не захацеў піць.

35 Потым, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзенне Яго, кідаючы жэрабя.

36 І, седзячы, сцераглі Яго там.

37 І над галавой Яго змясцілі надпіс віны Яго: "Гэта Ісус, Цар Юдэйскі".

38 Тады ўкрыжавалі абапал Яго двух злодзеяў, аднаго праваруч, а другога леваруч.

39 І тыя, што міма ішлі, блюзнілі на Яго, ківаючы галавой сваёй

40 і кажучы: "Ты, што руйнуеш святыню і ў тры дні адбудоўваеш, уратуй Сябе Самога; калі Ты - Сын Божы, сыдзі з крыжа!"

41 Падобным чынам і першасвятары, здзекуючыся разам з кніжнікамі і старшынямі народа, казалі:

42 "Ён другіх ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа. Ён - Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго.

43 Спадзяваўся Ён на Бога, хай жа вызваліць Яго цяпер, калі Ён спагадны да Яго. Бо Ён казаў: "Я - Сын Божы".

44 Таксама і злачынцы, з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.

45 А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай.

46 І каля дзевятай гадзіны закрычаў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі, лэма сабактані?", што значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?"

47 І некаторыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: "Іллю кліча".

48 І тут адзін з іх, адразу пабегшы і ўзяўшы губку, напоўніў яе воцатам, і насадзіў на трысціну і даваў Яму піць.

49 Іншыя ж казалі: "Кінь, паглядзім, ці прыйдзе Ілля вызваліць Яго".

50 А Ісус, ізноў закрычаўшы моцным голасам, сканаў.

51 І вось заслона ў святыні разарвалася на дзве часткі зверху ўніз, і зямля здрыганулася, і каменне раскалолася,

52 і адкрыліся магілы, і многія целы святых, што паснулі, паўсталі,

53 і, выйшаўшы з магіл, па ўваскрэсенні Яго, прыйшлі ў святы горад і паказаліся многім.

54 Сотнік жа і тыя, што з ім былі, вартуючы Ісуса, убачыўшы землятрус ды ўсё, што адбывалася, спалохаліся вельмі, кажучы: "Сапраўды, Ён быў Сын Божы".

55 Было там шмат жанчын, што назіралі здалёк, якія хадзілі следам за Ісусам ад Галілеі, паслугоўваючы Яму.

56 Сярод іх была Марыя Магдалена і Марыя, маці Якуба і Язэпа, ды маці сыноў Зебядзеевых.

57 А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які і сам быў вучнем Ісуса.

58 Ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў, каб аддалі.

59 І Язэп, узяўшы цела, абгарнуў яго чыстай палатнінай,

60 і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, што была высечана ў скале, і вялікі камень падкаціў да ўвахода ў магілу, і адышоў.

61 І была там Марыя Магдалена і другая Марыя, што сядзелі насупраць магілы.

62 А на другі дзень, які ёсць пасля дня прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата,

63 кажучы: "Гаспадару, прыпомнілі мы, што ашуканец гэты яшчэ жывы сказаў: "Праз тры дні Я ўваскрэсну".

64 Дык загадай вартаваць магілу аж да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі вучні Яго, і не выкралі Яго, і не сказалі людзям: "Ён паўстаў з мёртвых", бо тады апошні падман будзе горшы за першы".

65 Пілат гаворыць ім: "Вы маеце варту, ідзіце, сцеражыце, як умееце".

66 Яны, пайшоўшы, умацавалі магілу вартай, прыклаўшы пячатку да камяня.