Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 25

1 І сталася, калі скончыў Ісус усе гэтыя словы, сказаў Ён вучням Сваім:

2 "Вы ведаеце, што праз два дні Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаванне".

3 Тады сабраліся першасвятары і старшыні народа ў палац першасвятара, званага Кайфам,

4 і радзіліся, як бы Ісуса ўзяць подступам і забіць.

5 Казалі аднак: "Не ў дзень святочны, каб не выклікаць абурэння ў народзе".

6 А калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага,

7 падышла да Яго жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку, і пачала ліць Яму на галаву, калі Ён узлягаў за сталом.

8 Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: "Нашто гэта марнатраўства?

9 Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім".

10 А Ісус, ведаючы пра гэта, гаворыць ім: "Што вы надакучаеце гэтай жанчыне? Яна зрабіла добры ўчынак дзеля Мяне.

11 Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды мець будзеце.

12 Яна, выліваючы гэты алеек на Маё цела, учыніла гэта для пахавання Майго.

13 Сапраўды кажу вам, дзе па ўсім свеце будзе прапаведана гэтае Евангелле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе".

14 Тады адышоў адзін з дванаццаці, якога звалі Юда Іскарыёт, да першасвятароў

15 і гаворыць ім: "Што дасце мне, і я вам выдам Яго?" А яны дамовіліся з ім на трыццаць срэбранцаў.

16 І ад гэтай гадзіны ён шукаў нагоды, каб выдаць Ісуса.

17 У першы дзень праснакоў прыйшлі да Ісуса вучні Яго, кажучы: "Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці Пасху?"

18 І Ён сказаў ім: "Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: Настаўнік кажа: час Мой блізкі, у цябе ўчыню Я Пасху з вучнямі Маімі".

19 І вучні зрабілі, як ім загадаў Ісус, і прыгатавалі Пасху.

20 А калі звечарэла, Ісус разам з дванаццаццю ўзлёг пры стале.

21 І, калі яны вячэралі, сказаў: "Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне".

22 Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: "Ці не я гэта, Госпадзе?"

23 А Ён, адказваючы, гаворыць: "Хто апускае са Мною руку ў місу, той выдасць Мяне.

24 Сапраўды, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся".

25 І, адказваючы, Юда, які Яго выдаў, сказаў: "Ці не я гэта, Раббі?" Ён гаворыць яму: "Ты сказаў".

26 І, калі яны елі, узяў Ісус хлеб, і дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням, і гаворыць: "Бярыце, ешце, гэта ёсць Цела Маё".

27 І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: "Піце з гэтага ўсе.

28 Бо гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэнне грахоў.

29 Кажу вам: ад гэтай гадзіны не буду піць з гэтага вінаграднага плода аж да таго дня, калі з вамі буду піць новае ў Валадарстве Айца Майго".

30 І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.

31 Тады гаворыць ім Ісус: "У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: "Удару пастыра, і разбягуцца авечкі статка".

32 Але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею".

33 І, адказваючы, Пётра гаворыць Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я не згоршуся".

34 Гаворыць яму Ісус: "Сапраўды кажу табе: у гэтую ноч, перш чым певень запяе, ты тры разы зрачэшся Мяне".

35 Гаворыць Яму Пётра: "Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, не зракуся Цябе". Падобна казалі і ўсе вучні.

36 Потым прыйшоў Ісус з імі ў сяло, якое завуць Гетсэмань. І кажа Ён вучням: "Пасядзіце тут, пакуль Я пайду туды і памалюся".

37 І, узяўшы Пётру і двух сыноў Зебядзеевых, пачаў сумаваць і журыцца.

38 Тады гаворыць Ён ім: "Журботная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце разам са Мной".

39 І, адышоўшы крыху, упаў на твар Свой, молячыся і кажучы: "Ойча Мой, калі гэта магчыма, хай абміне Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, а як Ты".

40 І прыйшоў Ён да вучняў, і ўбачыў, што яны спяць, і кажа Пётры: "Ці так не змаглі вы адну гадзіну не спаць разам са Мной?

41 Чувайце і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакусу: бо дух руплівы, а цела кволае".

42 І адышоўся другі раз, і маліўся, кажучы: "Ойча Мой, калі не можа гэты келіх абмінуць Мяне, каб Я не піў з яго, хай будзе воля Твая".

43 І вярнуўся ізноў, і ўбачыў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя.

44 І, пакінуўшы іх і адышоўшы, маліўся трэці раз, тыя самыя словы кажучы ізноў.

45 Потым прыйшоў да вучняў Сваіх і кажа ім: "Вы яшчэ спіце і адпачываеце; вось надышла гадзіна, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

46 Падыміцеся, пойдзем: вось наблізіўся той, хто Мяне выдае".

47 А калі Ён яшчэ гаварыў, вось Юда, адзін з дванаццаці, падышоў, а з ім вялікі натоўп з мячамі і палкамі, накіраваны першасвятарамі і старшынямі народа.

48 Той жа, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго".

49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: "Прывітаны будзь, Раббі!" і пацалаваў Яго.

50 А Ісус сказаў яму: "Дружа, пашто прыйшоў?" Тады кінуліся яны, і ўсклалі рукі на Ісуса, і схапілі Яго.

51 І вось адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы руку, выняў меч свой і, ударыўшы слугу першасвятара, адсёк яму вуха.

52 Тады гаворыць яму Ісус: "Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што возьмуць меч, пагінуць ад мяча.

53 Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 Але як жа тады збудуцца Пісанні, што так мусіць стацца?"

55 У той час сказаў Ісус народу: "Ці не так, як на разбойніка, выйшлі вы з мячамі і палкамі, каб Мяне ўзяць? Штодня сядзеў Я, навучаючы ў святыні, і вы не схапілі Мяне".

56 Усё гэта сталася, каб споўніліся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 Узяўшы Ісуса, павялі Яго да Кайфы, першасвятара, дзе сабраліся кніжнікі і старшыні.

58 Пётра ішоў за Ім здалёку аж да палаца першасвятара. І, увайшоўшы ў сярэдзіну, ён сядзеў са слугамі, каб убачыць канец.

59 А першасвятары і ўся рада шукалі фальшывага сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць,

60 і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сведкаў. Нарэшце двое, прыйшоўшы,

61 сказалі: "Ён сказаў: "Я магу разбурыць святыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе".

62 І, падняўшыся, першасвятар гаворыць Яму: "Ты нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сведчаць?"

63 Але Ісус маўчаў. І першасвятар гаворыць Яму: "Запрысягаю Цябе Богам жывым, каб Ты нам сказаў, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?"

64 Кажа яму Ісус: "Ты сказаў. Аднак кажу вам: ад гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Магутнасці і прыходзіць у аблоках нябесных".

65 Тады першасвятар, разадраўшы шаты свае, сказаў: "Ён зблюзніў! Нашто яшчэ нам патрэбны сведкі? Цяпер вы чулі блюзнерства.

66 Што вы думаеце?" Яны ж, адказваючы, сказалі: "Ён варты смерці!"

67 Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць Яго кулакамі, а іншыя далонямі па твары Яго білі,

68 кажучы: "Праракуй нам, Хрысце, хто Цябе ўдарыў?"

69 А Пётра сядзеў звонку на падворку. Адна ж служка падышла да яго, кажучы: "І ты быў з Ісусам Галілейскім".

70 А ён зрокся перад усімі, кажучы: "Я не ведаю, што ты кажаш".

71 А калі ён выходзіў з дзвярэй, другая ўбачыла яго і гаворыць тым, што былі там: "І ён быў з Ісусам з Назарэта".

72 Ён ізноў зрокся з прысягай: "Я не ведаю [гэтага] чалавека".

73 Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пётры: "Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе".

74 Тады пачаў ён клясціся і прысягаць: "Я не ведаю [гэтага] чалавека". І зараз запяяў певень.

75 І прыгадаў Пётра слова Ісуса, якое Ён сказаў: "Перш, чым певень запяе, ты тройчы зрачэшся Мяне". І, выйшаўшы вонкі, ён горка заплакаў.