Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Святое Дабравесце паводле Матфея 24

1 І выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма.
І прыступілі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі храма.

2 Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта?
Праўду кажу вам:
не застанецца тут каменя на камені;
усё будзе разбурана.

3 Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай,
дык прыступілі да Яго вучні асобна,
кажучы: скажы нам, калі гэта будзе?
і якое знаменне Твайго прышэсця і сканчэння веку?

4 І ў адказ Іісус сказаў ім:
глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман;

5 бо многія прыйдуць пад імем Маім
і будуць казаць: "я Хрыстос", —
і многіх ўвядуць у зман.

6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі.
Глядзіце, не жахайцеся;
бо павінна ўсё тое быць.
Але гэта яшчэ не канец:

7 бо паўстане народ на народ і царства на царства;
і будзе голад і мор, і землятрусы месцамі;

8 а ўсё гэта — пачатак пакут.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас;
і вы будзеце зненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.

10 І тады спакусяцца многія;
і адзін аднаго будуць выдаваць,
і ўзненавідзяць адзін аднаго;

11 і многія ілжэпрарокі паўстануць
і ўвядуць у зман многіх;

12 і з-за памнажэння беззаконнасці ахалоне любоў у многіх;

13 а хто выцерпіць да канца, уратуецца.

14 І абвешчана будзе гэтае Дабравесце Царства
па ўсім свеце,
на сведчанне ўсім народам;
і тады прыйдзе канец.

15 Дык вось, калі ўбачыце мярзоту спусташэння,
пра якую сказана прарокам Даніілам,
якая паўстане на святым месцы, —
хто чытае, няхай разумее, —

16 тады хто будзе ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;

17 і хто на даху,
той няхай не сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;

18 і хто ў полі,
той няхай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.

19 Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні!

20 Маліцеся, каб не здарыліся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;

21 бо тады будзе вялікае ліха,
якога не было ад пачатку свету да сёння,
і не будзе.

22 І калі б не скараціліся тыя дні,
дык не ўратавалася б ніякая плоць;
але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

23 Тады калі хто скажа вам:
"вось, тут Хрыстос", альбо "там", —
не верце;

24 бо паўстануць ілжэхрысты ды лжэпрарокі
і дадуць знаменні вялікія і цуды,
каб увесці ў зман, калі магчыма, і выбраных.

25 Вось, Я наперад сказаў вам.

26 Значыцца, калі скажуць вам:
"вось Ён у пустыні", — не выходзьце;
"вось, Ён у патайных пакоях", — не верце;

27 бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду,
такім будзе прышэсце Сына Чалавечага;

28 бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.

29 І раптам, пасля смутку дзён тых, сонца памеркне,
і месяц не дасць святла свайго,
і зоркі спадуць з неба,
і сілы нябесныя зрушацца;

30 і тады явіцца азнака Сына Чалавечага на небе;
і тады заплачуць усе плямёны зямныя
і ўбачаць Сына Чалавечага,
Які будзе ісці на аблоках нябесных
з сілаю і славаю вялікай;

31 і пашле Ангелаў Сваіх з трубою громагучнаю,
і збяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў,
ад краю нябёсаў да краю іх.

32 Ад смакоўніцы вазьміце падабенства:
калі голле яе ўжо мякчэе і пускае лісце,
вы ведаеце, што блізка лета;

33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта,
ведайце, што блізка, пры дзвярах.

34 Праўду кажу вам:
не міне род гэты,
як усё гэта будзе;

35 неба і зямля мінуць,
а словы Мае не мінуць;

36 а пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае,
ні Ангелы нябесныя,
а толькі Айцец Мой адзін;

37 але як было ў дні Ноя,
так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:

38 бо як у дні перад патопам
елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж
да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39 і не разумелі,
пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, —
так будзе і прышэсце Сына Чалавечага;

40 тады будуць двое на полі:
адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;

41 дзве будуць малоць у жорнах:
адна будзе ўзята, а другая пакінута.

42 Дык чувайце ж,
бо не ведаеце, ў якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе...

43 Але гэта вы знаеце,
што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей,
дык не спаў бы
і не даў бы падкапаць дома свайго.

44 Таму і вы будзьце гатовыя,
бо у час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

45 Хто ж верны і разумны раб,
якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі,
каб даваў ім ежу ў свой час?

46 Блажэнны той раб, якога гаспадар яго,
прыйшоўшы, застане, што робіць так;

47 праўду кажу вам,
што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.

48 А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім:
"не хутка прыйдзе гаспадар мой",

49 і пачне біць таварышаў сваіх,
і есці і піць з п'яніцамі, —

50 прыйдзе гаспадар раба таго
ў дзень, у які ён не чакае,
і ў гадзіну, у якую не ведае,

51 і рассячэ яго напалам,
і вызначыць яму адзін лёс з крывадушнікамі:
там будзе плач і скрыгат зубоў.