Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Святое Дабравесце паводле Матфея 22

1 І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах,
кажучы:

2 падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара,
які справіў вяселле сыну свайму

3 і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле;
і не хацелі прыйсці.

4 Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы:
скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой,
цяляты мае і што ўкормлена, заколата,
і ўсё гатова;
прыходзьце на вяселле".

5 Але яны, не даўшы ўвагі,
пайшлі, хто на поле сваё,
а хто да гандлю свайго.

6 Астатнія ж,
схапіўшы рабоў ягоных,
зняважылі і забілі іх.

7 І пачуўшы, цар той угневаўся,
і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых
і горад іхні спаліў.

8 Тады кажа ён рабам сваім:
вяселле гатова,
а запрошаныя не былі вартыя.

9 Дык вось, ідзіце на ростані
і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.

10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі,
сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі,
і ліхіх і добрых;
і напоўнілася вяселле бяседнікамі.

11 Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў,
убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,

12 і кажа яму:
дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях?
А той маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам:
звязаўшы яму рукі і ногі,
вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую:
там будзе плач і скрыгат зубоў;

14 бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

15 Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся,
як злавіць Яго на слове.

16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі,
кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы,
і шляху Божаму праўдзіва вучыш,
і не стараешся дагадзіць каму-небудзь,
бо не глядзіш на абліччы;

17 дык вось скажы нам: як Табе здаецца?
ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

18 Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў:
што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19 пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак.
Яны прынеслі Яму дынарый.

20 І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21 І кажуць Яму: кесаравы.
Тады кажа ім:
дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны здзівіліся
і, пакінуўшы Яго, пайшлі.

23 У той дзень падышлі да Яго садукеі,
якія кажуць, што няма ўваскрасення,
і спыталіся ў Яго:

24 Настаўнік! Маісей сказаў:
"калі хто памрэ, не маючы дзяцей,
няхай возьме брат яго жонку яго
і адродзіць семя брату свайму".

25 Было ў нас сем братоў:
першы, ажаніўшыся, памёр
і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму;

26 гэтак сама і другі, і трэці,
нават да сёмага;

27 а пасля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку,
бо ўсе мелі яе.

29 Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся,
не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;

30 бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж,
а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.

31 А пра ўваскрэсенне мёртвых
ці не чыталі вы сказанага вам Богам:

32 "Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"?
Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.

33 І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.

34 А фарысеі,
пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне,
сабраліся разам.

35 І спытаўся адзін з іх, законнік,
спакушаючы Яго і кажучы:

36 Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?

37 Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго
ўсім сэрцам тваім,
і ўсёю душою тваёю,
і ўсім разуменнем тваім".

38 гэта найбольшая і першая запаведзь;

39 а другая падобная да яе:
"узлюбі блізкага твайго, як самога сябе";

40 на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі ж сабраліся фарысеі,
спытаўся ў іх Іісус:

42 што вы думаеце пра Хрыста?
чый Ён сын?
Кажуць Яму: Давідаў.

43 Кажа ім:
як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе,
калі кажа:

44 "Сказаў Гасподзь Госпаду майму:
сядзі праваруч Мяне,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?

45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам,
як жа Ён сын яму?

46 І ніхто не мог адказаць Яму ні слова;
і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.