Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 20

1 І, калі набліжаліся да Ерузаліма і падышлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, тады Ісус паслаў двух вучняў,

2 кажучы ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.

3 І, калі вам хтосьці нешта скажа, скажыце: "Госпад мае ў іх патрэбу", і адразу ж той адпусціць іх".

4 Усё гэта сталася, каб збылося тое, што было сказана прарокам, які казаў:

5 "Скажыце дачцы Сіёна: Вось ідзе да цябе Валадар твой, ціхмяны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад'ярэмнай".

6 Пайшоўшы, вучні зрабілі, як загадаў ім Ісус.

7 І прывялі асліцу з аслянём, і ўсклалі на іх адзенне сваё, і Ён сеў на іх.

8 А многія людзі пасцілалі сваю вопратку на дарозе; а іншыя сціналі галінкі з дрэў і пасцілалі на дарозе.

9 І натоўпы, што наперадзе і за Ім ішлі, усклікалі, кажучы: "Гасана Сыну Давіда! Дабраслаўлёны, Хто прыходзіць у імя Госпада. Гасана на вышынях!"

10 І, калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"

11 А народ казаў: "Гэта Ісус, прарок з Назарэта Галілейскага".

12 І ўвайшоў Ісус у святыню [Божую], і павыганяў усіх, што прадавалі і куплялі ў святыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перакуліў.

13 І казаў: "Напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы", а вы робіце яго пячорай разбойнікаў".

14 І падышлі да Яго ў святыні сляпыя і кульгавыя, і Ён аздаравіў іх.

15 А першасвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён учыніў, ды дзяцей, што ўсклікалі ў святыні, кажучы: "Гасана Сыну Давідаваму!", злаваліся

16 і сказалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Ісус кажа ім: "Так; хіба вы не чыталі: "З вуснаў дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу"?

17 І, пакінуўшы іх, выйшаў за горад у Бэтанію, і там застаўся.

18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, адчуў голад.

19 І, убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігавае, падышоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісця, і сказаў яму: "Няхай не родзіцца з цябе плод давеку". І адразу дрэва фігавае ссохла.

20 І, бачачы гэта, вучні дзівіліся, кажучы: "Якім чынам адразу ссохла дрэва фігавае?"

21 А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: "Сапраўды кажу вам: калі вы будзеце мець веру і не будзеце сумнявацца, вы зробіце не толькі тое, што з дрэвам фігавым, але, нават калі гэтай гары скажаце: "Падыміся і кінься ў мора", - станецца.

22 І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце".

23 І, калі Ісус увайшоў у святыню, падышлі да Яго, калі Ён вучыў, першасвятары і старшыні народа і казалі: "Якою ўладаю Ты гэта робіш, і хто Табе даў такую ўладу?"

24 А Ісус, адказваючы, сказаў ім: "І Я задам вам адно пытанне, і, калі вы адкажаце Мне, то і Я адкажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:

25 хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?" А яны разважалі паміж сабой, кажучы: "Калі мы скажам: "З неба", Ён скажа: "Дык чаму вы не паверылі яму?"

26 А калі мы скажам: "Ад людзей", баімся натоўпа, бо ўсе Яна лічаць прарокам".

27 І, адказваючы, яны сказалі Ісусу: "Не ведаем", а Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю.

28 А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў: "Сыне, ідзі папрацуй сёння ў маім вінаградніку".

29 А ён, адказваючы, гаворыць: "Не хачу". А потым, узрушаны пакаяннем, выйшаў і пайшоў.

30 Звяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, гаворыць: "Іду, гаспадару", - але не пайшоў.

31 Хто з дваіх выканаў волю бацькі?" Яны кажуць: "Першы". Кажа ім Ісус: "Сапраўды кажу вам: мытнікі і распусніцы наперадзе вас пойдуць у Валадарства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусніцы паверылі яму. Вы, аднак, бачачы гэта, нават потым не навярнуліся, каб яму паверыць.

33 Паслухайце іншую прыпавесць. Быў чалавек гаспадар дому, які насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў у ім выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў у яго вінаградараў, і аддаліўся.

34 А калі надышоў час пладоў, паслаў ён слуг сваіх да вінаградараў, каб яны забралі яго плады.

35 А вінаградары, схапіўшы слуг яго, аднаго пабілі, другога забілі, а трэцяга ўкаменавалі.

36 Ізноў паслаў Ён іншых слуг, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.

37 Нарэшце паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушанаваны будзе сын мой".

38 Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі адзін аднаму: "Гэта спадкаемец. Хадземце, заб'ём яго і завалодаем яго спадчынаю".

39 І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніка і забілі.

40 Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць з гэтымі вінаградарамі?"

41 Яны гавораць Яму: "Ліхіх ён сурова заб'е, а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць плод у вызначаны час".

42 Кажа ім Ісус: "Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісанні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла. Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых"?

43 Дзеля таго кажу вам, што будзе аднята ад вас Валадарства Божае, а дадзена народу, які творыць плады яго.

44 І хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, таго сатрэ".

45 І, калі пачулі першасвятары і фарысеі Яго прыпавесць, зразумелі, што пра іх Ён гаварыў.

46 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей, бо яны лічылі Яго прарокам.