Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Святое Дабравесце паводле Матфея 18

1 У той час прыступілі вучні да Іісуса,
кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?

2 І паклікаўшы дзіця, Іісус паставіў яго сярод іх

3 і сказаў: праўду кажу вам,
калі не навернецеся і не будзеце, як дзеці,
не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;

4 дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця,
той большы ў Царстве Нябесным;

5 і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё,
той Мяне прымае;

6 а хто спакусіць аднаго з малых гэтах, што веруюць у Мяне,
таму лепей было б,
каб павесілі жарон млынавы на шыю яго
і ўтапілі яго ў глыбіні марской.

7 Гора свету ад спакусаў,
бо павінны прыйсці спакусы;
але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць.

8 Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе,
адатні яе і кінь ад сябе:
лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі альбо без нагі,
чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі
быць укінутым у агонь вечны;

9 і калі вока тваё спакушае цябе,
вырві яго і кінь ад сябе:
лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці,
чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.

10 Глядзіце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых;
бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах
заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы зыскаць і выратаваць пагіблае.

12 Як вам здаецца?
Калі б у нейкага чалавека было сто авечак
і заблудзілася адна з іх;
ці не пакіне ён дзевяноста дзевяці ў гарах;
ці не пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?

13 і калі ўдасца знайсці яе,
дык, праўду кажу вам,
ён радуецца за яе болей,
чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.

14 Так няма волі Айца вашага Нябеснага,
каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 А калі саграшыць супроць цябе брат твой,
ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным;
калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;

16 калі ж не паслухаецца,
вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух,
каб вуснамі двух альбо трох сведкаў
пацвердзілася кожнае слова;

17 калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве;
а калі і царквы не паслухаецца,
дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.

18 Праўду кажу вам:
што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе;
і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана на небе.

19 Праўду таксама кажу вам,
што калі двое з вас
пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу,
дык чаго б ні папрасілі,
будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у нябёсах;

20 бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё,
там Я сярод іх.

21 Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму:
Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму,
які грашыць супроць мяне?
ці да сямі разоў?

22 Кажа яму Іісус:
не кажу табе: "да сямі",
а да сямі разоў па семдзесят.

23 Таму Царства Нябеснае падобнае на цара,
які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.

24 Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго,
хто быў вінен яму дзесяць тысяч талантаў;

25 а як ён не меў, чым заплаціць,
дык уладар ягоны загадаў прадаць яго,
і жонку яго,
і дзяцей,
і ўсё, што ён меў,
і заплаціць.

26 Тады раб той упаў
і, кланяючыся яму, казаў: "уладару! пацярпі на мне,
і ўсё табе заплачу".

27 Уладар, злітаваўшыся над рабом тым,
адпусціў яго і доўг дараваў яму.

28 А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх,
які вінен яму быў сто дынарыяў,
і, схапіўшы яго, душыў,
кажучы: "аддай мне, што вінен".

29 Тады таварыш ягоны ўпаў да ног яму,
умольваў яго і казаў: "пацярпі на мне,
і ўсё аддам табе".

30 Але той не схацеў,
а пайшоў і ўвязніў яго ў цямніцу,
пакуль не аддасць доўгу.

31 Таварышы яго, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі,
і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.

32 Тады ўладар ягоны заклікае яго
і кажа: "ліхі раб!
увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;

33 ці не след было і табе памілаваць таварыша твайго,
як і я цябе памілаваў?"

34 I, угневаўшыся,
уладар ягоны аддаў яго катам,
пакуль не аддасць увесь доўг свой.

35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі,
калі не даруеце кожны брату свайму
ад сэрца свайго правінаў ягоных.