Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 12

1 Таго ж дня Ісус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.

2 І сабралася пры Ім мноства людзей, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.

3 І прамаўляў Ён да іх шмат у прыпавесцях, кажучы: "Вось выйшаў сейбіт сеяць.

4 І, калі сеяў, адно зерне ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.

5 Другое ж упала на камяністую зямлю, дзе не мела шмат зямлі, і зараз жа ўзышло, бо глеба была неглыбокая.

6 Калі ж паднялося сонца, павяла, бо не мела карэння, і засохла.

7 Трэцяе ўпала між церняў, і церні выраслі і заглушылі яго.

8 Чацвёртае ж упала на добрую зямлю і дало плод: адно - сто, другое - шэсцьдзесят, а трэцяе - трыццаць.

9 Хто мае вушы, хай слухае".

10 І, падышоўшы, вучні сказалі Яму: "Чаму прамаўляеш да іх у прыпавесцях?"

11 Ён, адказваючы, гаворыць ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Валадарства Нябеснага, а ім гэта не дадзена.

12 Бо таму, хто мае, таму дададзена будзе і памножыцца, каб меў шчодра; а ў таго, хто не мае, і тое, што мае, будзе аднята.

13 Таму гавару ім у прыпавесцях, бо яны, гледзячы, не бачаць, і, слухаючы, не чуюць ды не разумеюць.

14 Так спаўняецца над імі прароцтва Ісаі, які кажа: "Слыхам пачуеце - і не зразумееце. Гледзячы, будзеце глядзець - і не ўбачыце.

15 Бо сэрца гэтага народа атлусцела, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачамі не ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я аздаравіў іх".

16 Дабраслаўлёныя ж вочы вашыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.

17 Сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і не бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і не чулі.

18 Вы ж слухайце наконт прыпавесці пра сейбіта.

19 Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства і не разумее, прыходзіць ліхі і выкрадае тое, што пасеяна ў сэрцы яго. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.

20 А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, гэта той, хто слухае слова і адразу з радасцю прымае яго,

21 але не мае кораня, таму зменны. І, калі настане ўціск і пераследы за слова, адразу ж спакушаецца.

22 А ў каго пасеяна між церняў, гэта той, хто слова слухае, але клопаты жыцця і панада багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.

23 У каго ж на добрай зямлі пасеяна, гэта той, хто слова слухае, і разумее, і прыносіць плод: адзін - у сто разоў, другі - у шэсцьдзесят, а іншы - у трыццаць".

24 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: "Падобнае Валадарства Нябеснае чалавеку, які пасеяў добрае насенне на сваёй раллі.

25 Але калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго, і насеяў кукалю пасярод пшаніцы, і пайшоў.

26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.

27 А слугі, прыйшоўшы да гаспадара дома, сказалі яму: "Гаспадару, ці ж не добрае насенне ты пасеяў на сваёй раллі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?"

28 А ён ім гаворыць: "Вораг чалавек гэта зрабіў". Слугі ж кажуць яму: "Хочаш, мы пойдзем і збярэм яго?"

29 Але ён сказаў: "Не, каб часам, збіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.

30 Дазвольце і аднаму і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: "Збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно".

31 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: "Падобнае Валадарства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў на сваёй раллі.

32 Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасце, то большае за любую зеляніну і становіцца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і гняздуюцца на яго галінах".

33 Іншую прыпавесць расказаў ім: "Падобнае Валадарства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль усё не закісла".

34 Гэта ўсё расказваў Ісус многім людзям у прыпавесцях і без прыпавесцяў не гаварыў да іх,

35 каб споўнілася тое, што было сказана прарокам, які казаў: "Адкрыю вусны Мае ў прыпавесцях, выказваць буду тое, што было схавана ад стварэння свету".

36 Потым, адпусціўшы людзей, Ісус увайшоў у дом, і прыйшлі да Яго вучні Яго, кажучы: "Растлумач нам прыпавесць пра кукаль на раллі".

37 Ён, адказваючы, гаворыць ім: "Той, хто рассявае добрае насенне, ёсць Сын Чалавечы.

38 Ралля - гэта свет; добрае насенне - гэта сыны Валадарства, а кукаль - сыны ліхога;

39 а вораг, які пасеяў яго, - гэта д'ябал; жніво - канец свету, а жняцы - анёлы.

40 І падобна таму, як збіраюць кукаль і паляць агнём, так будзе пры канцы свету.

41 Пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і яны збяруць з Валадарства Яго ўсе згаршэнні і тых, што чыняць беззаконне,

42 і ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

43 Тады справядлівыя будуць яснець, як сонца, у Валадарстве Айца свайго. Хто мае вушы, хай слухае.

44 Падобнае Валадарства Нябеснае да скарба, схаванага ў зямлі, які ўтойвае чалавек, што знайшоў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.

45 Таксама падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека купца, які шукае прыгожыя пэрлы.

46 Ён, знайшоўшы адну каштоўную пэрліну, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.

47 Падобнае таксама Валадарства Нябеснае да нерату, што быў закінуты ў мора ды сабраў рыбу ўсялякага роду.

48 Калі ён поўны, дык, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрае адбіраюць у посуд, а благое прэч адкідаюць.

49 Так будзе пры канцы свету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,

50 ды ўкінуць іх у печ вогненную. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

51 Ці зразумелі вы ўсё гэта?" Яны кажуць Яму: "Так [, Госпадзе]".

52 А Ён ім гаворыць: "Таму кожны кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да чалавека гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое".

53 І сталася, калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, пайшоў адтуль.

54 І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну Сваю, навучаў у сінагозе іх, а яны дзівіліся і казалі: "Адкуль жа ў Яго гэтая мудрасць і моц?

55 Ці ж гэта не Сын цесляра? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго - Якубам і Язэтам, Сімонам і Юдай?

56 А сёстры Яго ці ж не ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"

57 Ды блюзнілі супраць Яго. А Ісус сказаў ім: "Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне і ў доме сваім".

58 І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іх.