Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 11

1 У той час праходзіў Ісус у суботу праз ніву; вучні ж Яго згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.

2 Убачыўшы гэта, фарысеі сказалі Яму: "Вось жа вучні Твае робяць, чаго не належыць рабіць у дні суботнія".

3 Тады Ён сказаў ім: "Ці не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся, ды тыя, што з ім былі?

4 Як увайшоў у дом Божы і еў хлябы пакладныя, якіх есці не належала ані яму, ані тым, што з ім былі, але толькі святарам?

5 Ці хіба не чыталі ў законе, што ў суботу святары ў святыні парушаюць шабат і застаюцца без віны?

6 Але кажу вам, што тут ёсць большы за святыню.

7 Калі б вы ведалі, што значыць: "Міласэрнасці хачу, а не ахвяры", дык ніколі не асуджалі б бязвінных.

8 Бо Гаспадаром суботы ёсць Сын Чалавечы".

9 І, калі адышоў адтуль, прыйшоў Ён у іх сінагогу.

10 І вось, чалавек сухарукі. І спыталі ў Яго, кажучы: "Ці выпадае аздараўляць у суботу?", каб абвінаваціць Яго.

11 Ён жа сказаў ім: "Ці будзе сярод вас чалавек, які мае адну авечку, і, калі яна ўваліцца ў роў у суботу, не возьме яе і не выцягне?

12 У колькі ж разоў даражэйшы чалавек за авечку? Таму можна дабро рабіць і па суботах".

13 Потым гаворыць чалавеку: "Выцягні тваю руку". І ён выцягнуў, і сталася яна здаровай, як другая.

14 А фарысеі, выйшаўшы, учынілі раду супраць Яго, якім чынам Яго загубіць.

15 А Ён, адчуваючы гэта, пайшоў адтуль. І следам за Ім ішлі многія, і Ён аздараўляў іх усіх

16 і загадваў ім, каб Яго не выяўлялі,

17 каб споўнілася тое, што было сказана Ісаем прарокам, які казаў:

18 "Вось жа, Слуга Мой, якога Я выбраў, Улюбёнец Мой, у Якім мае ўпадабанне душа Мая. Ускладу Дух Мой на Яго, і Ён абвесціць народам суд.

19 Не будзе спрачацца і не будзе крычаць, ніхто не пачуе голасу Яго на вуліцах.

20 Трысціны надламанай не зломіць і льну тлеючага не патушыць, аж пакуль давядзе суд да перамогі,

21 ды ў Яго імені народы надзею мець будуць".

22 Затым прывялі да Яго апанаванага дэманамі, сляпога і нямога, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.

23 І ўсе натоўпы дзівіліся і казалі: "Ці ж гэта не Сын Давіда?"

24 А фарысеі, чуючы гэта, казалі: "Ён ніяк іначай не выганяе дэманаў, як толькі з дапамогай Бэльзебула, князя дэманаў".

25 Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: "Любое валадарства, падзеленае само ў сабе, апусцее, і любы горад ці дом, Раздзелены сам у сабе, не выстаіць.

26 А калі шатан шатана выганяе, то і яго раздзірае нязгода. Як жа ўтрымаецца царства яго?

27 І калі Я з дапамогай Бэльзебула выганяю дэманаў, дык з дапамогай каго выганяюць сыны вашыя? Вось чаму яны будуць вашымі суддзямі.

28 Але калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Валадарства Божае.

29 Або як можа хто-небудзь увайсці ў дом асілка і забраць рэчы яго, калі спачатку не звяжа асілка? І толькі тады дом яго абрабуе.

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто са Мною не збірае, той раскідае.

31 Таму кажу вам: кожны грэх і блюзнерства будуць людзям адпушчаны, але блюзнерства на Духа не будзе адпушчана.

32 І, калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, будзе яму адпушчана, а хто скажа супраць Духа Святога, не будзе яму адпушчана ані ў гэтым, ані ў будучым веку.

33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва ліхім і плод яго ліхім, бо паводле плода пазнаецца дрэва.

34 Род змяіны! Як жа вы можаце добрае гаварыць, калі самі вы благія. Бо ад паўнаты сэрца і вусны гавораць.

35 Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое.

36 Але кажу вам: за любое пустое слова, якое прамовяць людзі, здадуць яны справаздачу ў судны дзень.

37 Бо па словах сваіх будзеш ты апраўданы, і па словах сваіх будзеш асуджаны".

38 Тады адказалі Яму некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы: "Настаўнік, хацелі б мы бачыць ад Цябе знак".

39 А Ён, адказваючы, гаворыць ім: "Род ліхі і чужаложны знака патрабуе, але не будзе яму дадзены знак, адно знак Ёны прарока.

40 Бо як Ёна быў у чэраве вялікай рыбы тры дні і тры ночы, так Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Мужы з Нінівы паўстануць перад судом разам з родам гэтым ды асудзяць яго; бо яны навярнуліся згодна пропаведзі Ёны; а вось, тут большы за Ёну!

42 Царыца з поўдня паўстане перад судом з родам гэтым ды асудзіць яго; бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламона; а вось, тут большы за Саламона!

43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных месцах, шукаючы адпачынку, ды не знаходзіць.

44 Тады кажа: "Вярнуся ў дом свой, адкуль выйшаў". Ды, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, падмеценым і прыбраным.

45 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, горшых за сябе, ды, увайшоўшы, жывуць там. І будзе пазнейшае чалавеку таму горшае за першае. Так будзе і гэтаму роду крывадушнаму".

46 Калі Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось Маці і браты Яго сталі звонку, хочучы з Ім пагаварыць.

47 І сказаў Яму хтосьці: "Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы пагаварыць з Табой".

48 А Ён, адказваючы таму, хто звяртаўся да Яго, гаворыць: "Хто Маці Мая і хто браты Мае?"

49 І, паказваючы рукой на вучняў Сваіх, сказаў: "Вось Маці Мая і браты Мае.

50 Бо калі хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у небе, той Мой брат, і сястра, і маці".