Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Мацвея 1

1 Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлегэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось прыбылі мудрацы з Усходу ў Ерузалім,

2 кажучы: "Дзе той цар Юдэйскі, што нарадзіўся? Бо мы бачылі зорку Яго на Усходзе ды прыбылі пакланіцца Яму".

3 І, пачуўшы гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Ерузалім з ім.

4 Ды, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў ад іх, дзе меў Хрыстос нарадзіцца.

5 А яны яму сказалі: "У Бэтлегэме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

6 "І ты, Бэтлегэм, зямля Юдзіна, ніякім чынам не меншая між княстваў Юдзіных, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе валадарыць Маім народам Ізраэлем".

7 Тады Ірад таемна паклікаў мудрацоў і дакладна выведаў час зоркі, якая ім паказалася.

8 Ды, адпраўляючы іх у Бэтлегэм, сказаў: "Ідзіце і даведайцеся дакладна пра Дзіцятка; і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму".

9 Тыя, як выслухалі цара, пайшлі ў дарогу. І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, рухалася наперадзе, аж пакуль, ідучы, не спынілася ўверсе [над месцам], дзе было Дзіця.

10 Убачыўшы зорку, яны вельмі ўсцешыліся.

11 І, увайшоўшы ў дом, знайшлі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму. Затым, адкрыўшы скарбы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, ладан і міра.

12 І, атрымаўшы ўва сне наказ, каб не вяртацца да Ірада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.

13 Калі яны адышлі, вось, Анёл Госпадаў з'явіўся Язэпу ўва сне, мовячы: "Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе. Бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб забіць Яго".

14 Той, абудзіўшыся, узяў уночы Дзіця і Маці Яго і ўцёк у Егіпет.

15 І заставаўся там да смерці Ірада, каб збылося тое, што сказана Госпадам праз прарока, які гаворыць: "З Егіпта паклікаў Я Сына Майго".

16 Тады Ірад, бачачы, што ён ашуканы мудрацамі, раззлаваўся моцна і паслаў пазабіваць усіх дзяцей, што былі ў Бэтлегэме і ў яго ваколіцах ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, пра які выпытаў у мудрацоў.

17 Тады збылося, што было прадказана прарокам Ярэміем, які казаў:

18 "Чуецца голас у Раме, і плач і стогн вялікі: Рахель плача па сынах сваіх і не можа суцешыцца, бо іх няма".

19 Калі Ірад памёр, вось, з'явіўся Анёл Госпадаў Язэпу ўва сне ў Егіпце,

20 мовячы: "Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды варочайся ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, што шукалі душу Дзіцяці".

21 Дык ён, абудзіўшыся, узяў Дзіця і Маці Яго і пайшоў у зямлю Ізраэля.

22 Пачуўшы, што ў Юдэі царуе Архелай па Ірадзе, бацьку сваім, збаяўся туды ісці і, папярэджаны ўва сне, пайшоў у ваколіцы Галілеі.

23 А, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які завецца Назарэт, каб збылося, што сказана прарокам: "Назарэем будзе звацца".


Проповеди и книги - онлайн e-istina.org