Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан. Деян. Иак. 1Пет. 2Пет. 1Иоан. 2Иоан. 3Иоан. Иуд. Рим. 1Кор. 2Кор. Гал. Еф. Фил. Кол. 1Фесс. 2Фесс. 1Тим. 2Тим. Тит. Флм. Евр. Откр.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24

Новы Запавет (у перакладзе Ўладзіслава Чарняўскага)

Евангелле паводле Лукі 1

1 І сталася ў тыя дні: выйшаў ад цэзара Аўгуста загад, каб перапісаць увесь свет.

2 Гэты перапіс быў першы і зроблены за гаспадаранне Квірына ў Сірыі.

3 І ішлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, які называўся Бэтлегэм, таму што быў з дому і роду Давідавага,

5 каб запісацца разам з Марыяй, заручанай яму жонкаю, Якая была цяжарная.

6 І сталася, калі там былі, прыйшоў час нарадзіць Ёй.

7 І нарадзіла Сына Свайго Першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала ў яслі, бо не было для іх месца ў заездзе.

8 У той ваколіцы былі пастухі, якія пільнавалі і вартавалі ўначы пры сваім статку.

9 І паўстаў перад імі Анёл Госпадаў, і слава Госпада асвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.

10 І сказаў ім Анёл: "Не бойцеся, вось, абвяшчаю вам радасць вялікую, якая будзе ўсім людзям:

11 сёння нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.

12 І вось вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў яслях".

13 Ды раптам з Анёлам з'явілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і кажучы:

14 "Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі".

15 І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх у неба, пастухі казалі адзін аднаму: "Хадземце ў Бэтлегэм і пабачым, што там сталася, пра што паведаміў нам Госпад".

16 І пайшлі, спяшаючыся, у Бэтлегэм, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіця, што было пакладзена ў яслях.

17 А ўбачыўшы, паведамілі пра слова, якое ім было сказана пра Дзіця гэтае.

18 І ўсе, што чулі, дзівіліся таму, што ім расказалі пастухі.

19 Марыя ж захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы Сваім.

20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

21 І, калі мінула восем дзён, калі належала абрэзаць Яго, назвалі Яго імем Ісус, якое было Яму дадзена Анёлам, перш, чым Ён быў пачаты ва ўлонні.

22 І, калі споўніліся дні ачышчэння Яе па закону Майсея, прынеслі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,

23 як напісана ў законе Госпада: "Кожны хлопец, што раскрывае ўлонне, будзе пасвечаны Госпаду",

24 ды каб скласці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркавак або два галубы.

25 І вось, у той час быў у Ерузаліме чалавек, на імя Сімяон, і быў ён справядлівы, і баяўся Бога, і чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы быў на ім.

26 Ён атрымаў абяцанне ад Духа Святога, што не пабачыць смерці, пакуль перш не ўбачыць Хрыста Госпадавага.

27 І, ведзены Духам, ён пайшоў у святыню. І, калі бацькі Ісуса ўносілі Яго ў святыню, каб выканаць закон адносна Яго,

28 ён узяў Яго на рукі свае і дабраславіў Бога і сказаў:

29 "Цяпер па слову Твайму, Госпадзе, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі,

30 бо вочы мае бачылі збаўленне Тваё,

31 якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў;

32 святло для прасвятлення паганаў і дзеля славы народа Твайго, Ізраэля".

33 [Язэп жа] і Маці Яго дзівіліся таму, што аб Ім казалі.

34 І дабраславіў іх Сімяон, кажучы Марыі, Маці Яго: "Вось, Ён пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, катораму будуць працівіцца, -

35 і Тваю ўласную душу праб'е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў".

36 Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Пэнуэля, з пакалення Асэравага. Яна была на схіле дзён сваіх, і ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,

37 і была яна ўдавой васьмідзесяцічатырохгадовай, якая не пакідала святыні, служачы там Богу днём і ўночы ў постах і маленнях.

38 Яна вось, падышоўшы ў тую гадзіну, славіла Бога і расказвала аб Ім усім, якія чакалі адкуплення ў Ерузаліме.

39 І, калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.

40 А Дзіця расло і ўмацоўвалася [Духам], поўнае мудрасці, ды ласка Божая была на Ім.

41 І хадзілі бацькі Яго штогод у Ерузалім на ўрачыстасць Пасхі.

42 І, калі Ён меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на свята,

43 і, калі, па заканчэнні святочных дзён, вярталіся, хлопчык Ісус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага бацькі Яго.

44 Думаючы, што Ісус сярод іншых, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго паміж сваякоў і знаёмых,

45 і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

46 І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў святыні, і Ён сядзеў паміж вучоных, слухаў іх і пытаўся ў іх.

47 Усе, хто Яго слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Яго.

48 І, убачыўшы Яго, здзівіліся. І Маці Яго сказала Яму: "Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе".

49 А Ён гаворыць ім: "Навошта Мяне шукалі? Няўжо не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?"

50 Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія ім сказаў.

51 І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І Маці Яго захавала ўсе словы ў Сваім сэрцы.

52 А Ісус сталеў мудрасцю і гадамі і ласкаю ў Бога і ў людзей.