Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Переводы: (скрыть)(показать)
LXX Darby GRBP NRT IBSNT UBY NIV Jub GRBN EN_KA NGB GNT_TR Tanah Th_Ef MDR UKH Bible_UA_Kulish Комментарий Далласской БС LOP ITL Barkly NA28 GURF GR_STR SCH2000NEU New Russian Translation VANI LB CAS PodStr BibCH UKDER UK_WBTC SLR PRBT KZB NT_HEB MLD TORA TR_Stephanus GBB NT_OdBel 22_Macartur_1Cor_Ef VL_78 UBT SLAV BHS_UTF8 JNT UKR KJV-Str LXX_BS BFW_FAH DONV FIN1938 EKKL_DYAK BB_WS NTJS EEB FR-BLS UNT KJV NTOB NCB McArturNT Makarij3 BibST FIN1776 NT-CSL RST Mc Artur NT BBS ElbFld RBSOT GTNT ACV INTL ITAL NA27 AEB BARC NZUZ שRCCV TORA - SOCH LOGIC VCT LXX_Rahlfs-Hanhart DRB TanahGurf KYB DallasComment GERM1951 Dallas Jantzen-NT BRUX LXX_AB LANT JNT2 NVT
Книги: (скрыть)(показать)
. Матф. Мар. Лук. Иоан.
Главы: (скрыть)(показать)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24

Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП

Святое Дабравесце паводле Лукi 1

1 Паколькі ўжо многія ўзяліся складаць аповесць
пра падзеі, якія сярод нас адбыліся,

2 як перадалі нам тыя,
што ад пачатку былі відавочцамі і служыцелямі Слова,

3 прыйшло на думку і мне,
дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку,
паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле,

4 каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння,
у якім быў настаўлены.

5 Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага,
адзін святар імем Захарыя, з Авіевай чаргі;
і жонка яго з роду Ааронавага,
імя ёй Елісавета.

6 Былі яны абое праведныя перад Богам,
жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленняў Гасподніх беззаганна.

7 І не мелі яны дзіцяці,
бо Елісавета была няплодная,
і абое былі ўжо на схіле гадоў сваіх.

8 І сталася:
калі ў парадку сваёй чаргі ён служыў перад Богам,

9 выпала яму, паводле звычаю святарскага,
кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні,

10 а ўсё мноства людзей малілася звонку ў час каджэння;

11 і явіўся яму Ангел Гасподні,
стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка.

12 І сумеўся Захарыя, убачыўшы,
і страх напаў на яго.

13 Але Ангел сказаў яму: не бойся, Захарыя,
бо пачута малітва твая,
і жонка твая Елісавета народзіць табе сына,
і назавеш яго імем Іаан,

14 і будзе табе радасць і весялосць,
і многія нараджэнню яго ўзрадуюцца;

15 бо ён будзе вялікі перад Госпадам;
і не будзе піць віна і сікеру;
і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;

16 і многіх з сыноў Ізраілевых зверне да Госпада Бога іх;

17 і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі,
каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей,
і непакорлівых да мудрасці праведных,
каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы.

18 І сказаў Захарыя Ангелу: па чым я пазнаю гэта?
бо я стары, і жонка мая на схіле гадоў сваіх.

19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што стаю перад Богам
і пасланы гаварыць з табой і дабравесціць табе гэта;

20 і вось, будзеш маўчаць
і не зможаш гаварыць
да таго дня, калі збудзецца гэта,
за тое, што ты не паверыў словам маім,
якія здзейсняцца ў свой час.

21 І чакаў народ Захарыю
і здзіўляўся, што ён марудзіць у храме.

22 Ён жа, выйшаўшы, не мог гаварыць да іх;
і яны зразумелі, што ён бачыў відзенне ў храме;
а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямым.

23 І сталася: калі скончыліся дні служэння яго,
пайшоў ён у дом свой.

24 Пасля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка яго ,
і таілася пяць месяцаў,
і гаварыла:

25 так зрабіў мне Гасподзь у дні,
калі спаглянуў,
каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.

26 А ў шосты месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога
ў горад Галілейскі пад назвай Назарэт

27 да Дзевы, заручанай з мужам, імя якому Іосіф,
з дому Давідавага;
а імя Дзевы — Марыя.

28 І ўвайшоўшы да Яе, Ангел сказаў:
радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою;
благаславёная Ты сярод жанчын.

29 Яна ж, убачыўшы яго, збянтэжылася ад слова яго
і разважала, што ж гэта за вітанне.

30 І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя,
бо Ты знайшла благадаць у Бога.

31 І вось, зачнеш ва ўлонні,
і народзіш Сына,
і назавеш Яго імем Іісус.

32 Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы,
і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;

33 і будзе царстваваць над домам Іакава давеку,
і Царству Яго не будзе канца.

34 І сказала Марыя Ангелу:
як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?

35 Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе на Цябе
і сіла Ўсявышняга ахіне Цябе;
таму і Святое, што народзіцца, Сынам Божым будзе названа;

36 і вось, Елісавета,
сваячка Твая,
і яна зачала сына ў старасці сваёй,
і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;

37 бо не застанецца бяссільным у Бога ніводнае слова.

38 Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподня;
няхай будзе Мне па слову твайму.
І адышоў ад Яе Ангел.

39 І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні
пайшла з паспешнасцю ў горны край,
у горад Іудаў;

40 і ўвайшла ў дом Захарыі,
і павітала Елісавету.

41 І сталася: калі пачула Елісавета вітанне Марыіна,
устрапянулася дзіцятка ва ўлонні яе;
і напоўнілася Елісавета Духам Святым,

42 і ўсклікнула моцным голасам
і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын
і благаславёны плод улоння Твайго!

43 І адкуль гэта мне,
што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?

44 Бо, калі голас вітання Твайго дайшоў да вушэй маіх,
устрапянулася дзіцятка радасна ва ўлонні маім.

45 І блажэнная Тая, што паверыла,
бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.

46 І сказала Марыя: велічае душа Мая Госпада,

47 і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збавіцелі Маім,

48 што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй;
бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэннай усе роды;

49 бо ўчыніў Мне вялікае Моцны,
і святое імя Яго;

50 і міласэрнасць Яго ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;

51 Ён праявіў сілу рукою Сваёю;
рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх;

52 скінуў моцных з прастолаў
і ўзнёс пакорлівых;

53 галодных здаволіў дабром,
а багатых адпусціў ні з чым;

54 прыхінуў Ізраіля, слугу Свайго,
памятаючы пра міласць, —

55 як гаварыў бацькам нашым, —
да Аўраама і семені яго давеку.

56 Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў
і вярнулася ў дом Свой.

57 А Елісавеце настаў час радзіць,
і яна нарадзіла сына.

58 І пачулі суседзі і сваякі яе,
што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе
і радаваліся з ёю.

59 І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця,
і хацелі назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.

60 І, адказваючы, маці яго сказала: не, а названы будзе Іаанам.

61 І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй,
хто б зваўся гэтым імем.

62 І знакамі пыталіся ў бацькі яго,
як бы ён хацеў, каб назвалі яго.

63 І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя яму.
І здзівіліся ўсе.

64 І адразу адкрыліся вусны яго і язык яго,
і ён стаў гаварыць, благаслаўляючы Бога.

65 І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх;
і па ўсім горным краі Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.

66 І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрцы сваім,
кажучы: што будзе з дзіцяці гэтага?
І рука Гасподня была з ім.

67 І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым
і прарочыў, кажучы:

68 благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў,
што наведаў народ Свой і выкупіў яго;

69 і ўзняў нам рог збаўлення ў доме Давіда, слугі Свайго,

70 як сказаў вуснамі святых Сваіх прарокаў адвеку,

71 што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рукі ўсіх, хто ненавідзіць нас;

72 каб зрабіць міласць бацькам нашым і ўспомніць запавет Свой святы,

73 клятву, якой кляўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,

74 вызваленым ад рукі ворагаў нашых, без боязі

75 служыць Яму ў святасці і праведнасці перад Ім
ва ўсе дні жыцця нашага.

76 І ты, дзіця, прарокам Усявышняга будзеш названа,
бо ты будзеш ісці перад абліччам Госпада,
каб падрыхтаваць шляхі Яму,

77 даць народу Яго спазнаць збаўленне ў адпушчэнні грахоў,

78 па сардэчнай міласці Бога нашага,
якою наведаў нас Усход з вышыні,

79 каб асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці,
скіраваць ногі нашы на шлях міру.

80 Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам;
і было ў пустынях да дня з‘яўлення свайго Ізраілю.